http://www.kalegium.org     e-mail: kalegium#brest.by    

 

Дні беларускай і шведскай паэзіі ў Пінску

1-2 чэрвеня ў Пінску адбыліся традыцыйныя, шостыя па ліку, Дні беларускай і шведскай паэзіі
 
     Штогод Дні беларускай і шведскай паэзіі праходзяць у межах Дзён Швецыі ў Беларусі, якія праводзяцца ў некалькіх гарадах Беларусі і ўключаюць паэтычныя чытанні, Фестываль сучаснага шведскага кіно, сустрэчы творчай інтэлегенцыі, прэзентацыі кніг і выставы.
У гэтым годзе Пінск наведалі шведскія пісьменнікі Астрыд Тротцыг, Клаўдзія Маркс, Эрык Берквіст. Іх творы ў літаратурным перакладзе Вольгі Рызмаковай, Насты Лабады і Дзмітрыя Плакса выконвала артыстка Нацыянальнага тэатра імя Янкі Купалы Алена Іваннікава. У складзе дэлегацыі Швецыі былі афіцыйныя асобы: глава місіі Аддзялення ў Мінску Пасольства Швецыі ў Маскве Стэфан Эрыксан, прадстаўніца Шведскага Інстытута Хелен Сігеланд, Міжнародны сакратар Саюза пісьменнікаў Швецыі Хенрык Енбум, вядомая фотажурналістка Марыя Сёдэрберг. У паэтычным дыялогу культур бралі ўдзел беларускія паэты і даследчыкі літаратуры: Уладзімір Някляеў, Леанід Дранько-Майсюк, Віктар Жыбуль, Вера Бурлак (Джэці).
На літаратурна-музычнай вечарыне выступаў папулярны музыкант і спявак Зміцер Вайцюшкевіч. Свае песні выконвалі пінскія музыканты гурта RED CAT.
Ужо стала традыцыяй, што падчас літаратурных чытанняў мастакі горада прэзентуюць свае творы. Упершыню ў гэтым годзе выставу склалі жывапісныя і графічныя работы, зробленыя спецыяльна па матывах беларускіх і шведскіх вершаў. Аўтары выставы: Надзейка Сярэдзіч, Юлія Чміль, Віктар Чміль, Таццяна Ганжурава, Аляксандр Ганжураў, Сяргей Мігалевіч. Госці літаратурных чытанняў маглі пабачыць слайд-шоў пад назвай Together. (Аўтары канцэпцыі - Надзея Аўсіевіч і Міхась Еўтуховіч).
Адным з самых цікавых момантаў літаратурных чытанняў у Пінску з’явіўся Кубак юнацкай паэзіі. У першым туры бралі ўдзел 32 чалавекі – школьнікі і навучэнцы Пінска, Лунінца і Лунінецкага раёна. У другі тур выйшлі 10 чалавек.
Пераможцамі Кубка юнацкай паэзіі сталі: Курдзюмава Вольга (І месца), Найдзёнаў Мікіта (І месца).
Пінск чакае Дні беларускай і шведскай паэзіі-2008!
 

Наста Гулак

 

узнагарода пераможцаў Кубка

 

спявае Зміцер Вайцюшкевіч

Астрыд Тротцыг побач з ілюстрацыяй свайго твору

фота: Таццяна Ганжурава