| 29-31 мая 2003 г. у Пінску,
Лунінцы і Мікашэвічах адбыліся другія па ліку Дні беларускай і
шведскай паэзіі. Шырыцца геаграфія правядзення мерапрыемства, якое
з’яўляецца культурным мастом паміж Беларуссю і Еўропай.
Падтрымка: ГА «Калегіум», гарадскі аддзел народнай адукацыі Пінскага
гарвыканкома, пінская гарадская арганізацыя ГА “Таварыства
беларускай мовы імя Францішка Скарыны”, www.vitryssland.nu (Стакгольм,
Швецыя), Шведскі інстытут (Швецыя). Арганізатары: Часлава Дударава,
Руслан Гагуа («Калегіум»), Марыя Сёдэрберг www.vitryssland.nu (Стакгольм,
Швецыя), Вадзіма Жылко (“Лунінецкая муза”).
У зале Экалагічнага цэнтра, што месціцца ў Пінску, на вуліцы Добрай,
гучалі выступы паэтаў і празаікаў: Інгі-Ліны Лунквіст (Швецыя),
Алега Мінкіна (Літва), Евы Вежнавец (Мінск), Юрыя Гуменюка (Гродна),
Міланы Юхнюк (Пінск), Руслана Гагуа (Пінск), сяброў паэтычнага клуба
“Лунінецкая муза” (Лунінец). У поўным складзе ўдзельнікі
літаратурных чытанняў наведалі гарады Лунінец і Мікашэвічы. На
сустрэчах гасцей з мясцовымі аматарамі прыгожага пісьменства
панавала атмасфера творчага суперажывання.
У межах Дзён беларускай і шведскай паэзіі адбылася прэзентацыя
навукова-папулярнай кнігі “Швэды ў гісторыі Беларусі” беларускага
гісторыка Андрэя Катлярчука, які зараз жыве ў Швецыі.
Адной з самых яркіх і эмацыйных акцый Дзён з'явіўся Кубак маладзёвай
паэзіі. У журы конкурса бралі ўдзел педагогі, літаратары і
журналісты. Пераможцай была названа Вольга Панасюк, выпускніца СШ №
з вершам “Зіхоткім срэбрам рэчка калыхалася”. Па запрашэнні замежных
сяброў і арганізатараў і па ўмовах конкурсу яна адправілася ў Швецыю.
27-29 верасня 2003 г. Вольга Панасюк і група сяброў ГА «Калегіум»
наведалі шведскі горад Гётэборг, дзе адбывалася штогадовая
міжнародная кніжная ярмарка (Bok o'Bibliotek 2003). Гэта буйная
культурная падзея ў краіне, якая ўплывае на фарміраванне
сацыяльна-культурнага і палітычнага клімату як у Швецыі, так і за яе
межамі. Стэнд Vitryssland ("Беларусь") арганізоўвалі грамадскае
аб'яднанне Association for the Support of Kalegium in Belarus,
Шведскі Інстытут / Partnership for Culture и фонд Forum Syd. Вольга
Панасюк актыўна ўдзельнічала ў працы стэнда.
Арганізатары Дзён беларускай і шведскай паэзіі спадзяюцца, што
досвед удзелу ў творчых конкурсах карысны не толькі пераможцам, але
ўсім, хто ў той ці іншай форме дачыняецца з мастацтвам.
|