| 31 мая 2002 г. у Пінску
адбыўся Вечар беларускай і шведскай паэзіі. Арганізатарамі выступілі
“Калегіум”, Пінская гарадская арганізацыя ГА “Таварыства беларускай
мовы імя Францішка Скарыны”, Association for the Support of Kalegium
in Belarus www.vitryssland.nu (Стакгольм) і Шведскі Інстытут. Адной
з натхняльніц гэтай культурнай імпрэзы была добрая сяброўка “Калегіума”,
шведская фотажурналістка Марыя Сёдэрберг.
Паводле сябра «Калегіума» і ўдзельніка літаратурных чытанняў Руслана
Гагуа, «паэтычная муза нябачна прысутнічала на вечары і зачаравана
слухала творы служкаў пяра». Асаблівую атмасферу надавала месца
правядзення - зала вайскова-гістарычнага клуба «Радагаст», поўная
сярэднявечнай зброі. Свае вершы чыталі пінскія паэты: Мілана Юхнюк,
Анатоль Шушко, Мікалай Лаўровіч, Наталля Прыступа і Валеры Грышкавец.
Вялі рэй Юрась Пацюпа і аўтар трох паэтычных зборнікаў Юры Гумянюк (Гродна).
Алена Казанцава (Мінск) выконвала вершы пад акампанемент гітары і
аўтарскімі афарызмамі ўносіла ноты весялосці ў атмасферу вечара.
Малыя паэтычныя формы беларускай паэткі Людкі Сільновай (Мінск)
радавалі хараством паэтычнага вобразу.
Паэтычная мова аб'яднала нашых паэтаў з гасцямі са Швецыі. Лана
Радыёнава, з нараджэння беларуска, якая зараз жыве ў Стакгольме,
чытала вершы, напісаныя ў антычным памеры гекзаметры. Марыя Зэнстром
прадстаўляла на суд слухачоў урыўкі з свайго рамана «Савецкія
турботы Катарыны» (2001). Акрамя рускамоўнага арыгіналу Марыя
Зэнстром дэманстравала, як гучыць яе проза на роднай шведскай мове.
І госці і гаспадары свята, і пачаткоўцы і знаныя літаратары атрымалі
вялікае задавальненне ад судакранання з мастацтвам і пажадалі
працягу і заладавання традыцыі паэтычных чытанняў у Пінску.
|